БДІПЧ/АБСЕ адкрывае місію па назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі
МІНСК, 15 кастрычніка 2019 года – Услед за афіцыйным запрашэннем ад ўладаў Беларусі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ сёння адкрыла місію па назіранні за датэрміновымі парламенцкімі выбарамі ў Беларусі, якія прызначаны на 17 лістапада.
Місію ўзначальвае Карыэн Йонкер. Місія ўключае асноўную каманду з 11 экспертаў, якія працуюць у Мінску, і 30 доўгатэрміновых назіральнікаў, якія будуць размешчаны па ўсёй краіне з 23 кастрычніка. Акрамя таго, БДІПЧ запросіць дзяржаў-ўдзельніц АБСЕ накіраваць для маніторынгу ў дзень выбараў 400 кароткатэрміновых назіральнікаў, якія прыбудуць за некалькі дзён да выбараў.
Місія будзе ацэньваць адпаведнасць выбарчага працэсу абавязацельствам АБСЕ, іншым міжнародным абавязацельствам і стандартам дэмакратычных выбараў, а таксама нацыянальнаму заканадаўству. Назіральнікі будуць уважліва сачыць за фундаментальнымі аспектамі выбараў, напрыклад, працэсамі рэгістрацыі кандыдатаў і выбаршчыкаў, агітацыйнымі мерапрыемствамі, працай выбарчай адміністрацыі і адпаведных урадавых органаў, выбарчым заканадаўствам, яго рэалізацыяй і разглядам скаргаў, звязаных з выбарамі. У рамках назірання місія будзе таксама праводзіць маніторынг асвятлення кампаніі ў СМІ.
Сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў, палітычных партый, грамадзянскай супольнасці, сродкаў масавай інфармацыі і міжнароднай супольнасці з'яўляюцца неад'емнай часткай назірання.
У дзень выбараў МНВ БДІПЧ аб’яднае свае намаганні з дэлегацыямі Парламенцкай асамблеі АБСЕ і Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы для назірання за адкрыццём выбарчых участкаў, галасаваннем, падлікам бюлетэняў і звядзеннем вынікаў.
Прамежкавы даклад будзе апублікаваны для інфармавання грамадскасці і сродкаў масавай інфармацыі падчас назірання. Заява аб папярэдніх высновах і заключэннях БДІПЧ будзе прадстаўлена на прэс-канферэнцыі на наступны дзень пасля выбараў. Канчатковы даклад аб назіранні за ўсім выбарчым працэсам будзе апублікаваны прыкладна праз два месяцы пасля завяршэння выбарчага працэсу.
Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся, калі ласка, на сайт www.osce.org/odihr/elections/belarus/429278,
або звяртайцеся да: Кiры Калiнiнай, медыя-аналітыка, па тэл.: +375 29 660 5217 (мабільны, Мінск), ці па электроннай пошце kira.kalinina@odihr.by,
або да Каці Андруш, прэс-сакратара БДІПЧ, па тэл.: +48 609 522 266 (мабільны, Варшава), ці па электроннай пошце katya.andrusz@odihr.pl.