Прадстаўнік АБСЕ вітае працяг дыялогу з беларускімі ўладамі і настойліва заахвочвае неабходнае паляпшэнне сітуацыі са свабодай СМІ ў Беларусі
МІНСК, 15 верасня 2014 г. – Падчас двухдзённага афіцыйнага візіту ў Мінск Прадстаўнік АБСЕ па Свабодзе СМІ Дунья Міятавіч настойліва рэкамендавала ўладам Беларусі працягнуць працу па паляпшэнні сітуацыі са свабодай СМІ ў краіне.
“Я выказала занепакоенасць сур’ёзнымі выклікамі, з якімі працягваюць сутыкацца СМІ ў Беларусі”, -- сказала Міятавіч. “Пры наяўнасці пазітыўных зрухаў, ўсё яшчэ ёсць патрэба, каб улады праявілі больш палітычнай волі адпавядаць міжнародным стандартам па свабодзе выказвання меркаванняў і свабодзе СМІ”.
У дыскусіях з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеям і міністрам інфармацыі Ліліяй Ананіч Міятавіч падкрэсліла патрэбу ў тэрміновым рэфармаванні абмежавальнага закона аб СМІ. Яна таксама адзначыла важнасць змены ўмоваў акрэдытацыі журналістаў і ўвядзення больш эфектыўных спосабаў доступа да інфармацыі.
“Надыйшоў час зменшыць ціск на СМІ ў Беларусі. Я буду і надалей уважліва назіраць за працоўнымі ўмовамі для сродкаў масавай інфармацыі і працягну выказвацца ў абарону беларускіх журналістаў”, сказала Міятавіч.
Міятавіч нагадала пра гатоўнасць свайго Бюро даваць экспертныя рэкамендацыі, згодна з абавязацельствамі АБСЕ ў сферы свабоды СМІ і найлепшымі практыкамі, а таксама ўказала на пільную неабходнасць ўключэння грамадзянскай супольнасці ў абмеркаванне працэсу рэформаў.
Падчас сустрэчаў Прадстаўнік АБСЕ па СвабодзеСМІ станоўча адзначыла адсутнасць зняволеных журналістаў на дадзены момант і вітала зняццё абвінавачванняў па крымінальных справах супраць журналістаў Анджэя Пачобута з Gazeta Wyborcza, Ірыны Халіп з Новай Газеты, і Наталлі Радзінай з Хартыі’97, а таксама вызваленне Антона Сурапіна з інтэрнэт-выдання www.bnp.by.
Міятавіч адзначыла меншую колькасць кароткатэрміновых затрыманняў прадстаўнікоў СМІ, але заклікала ўлады цалкам спыніць гэтую практыку. Яна выказала спадзяванне, што семінар па ўзаемадзеянні паміж праваахоўнымі ворганамі і СМІ, арганізаваны яе Бюро ў супрацоўніцтве з Міністэрствам замежных спраў, зможа паспрыяць рашэнню праблемы.
Падчас візіту ў Мінск Міятавіч сустрэлася з прадстаўнікамі Беларускай Асацыяцыі Журналістаў і Беларускага Саюза Журналістаў, а таксама з асобнымі журналістамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.
“Я цаню дыялог з уладамі і спадзяюся, што гэта супрацоўніцтва прынясе канструктыўныя і трывалыя вынікі”, сказала Міятавіч.
Прадстаўнік АБСЕ па Свабодзе СМІ назірае за развіццём СМІ ва ўсіх 57 краінах-удзельніцах АБСЕ. Яна забяспечвае ранняе папярэджанне па пытаннях парушэнняў свабоды меркаванняў і свабоды СМІ і спрыяе поўнаму захаванню абавязацельстваў АБСЕ ў сферы свабоды СМІ. Больш пра гэта можна даведацца па адрасе //www.osce.org/fom Twitter: @OSCE_RFoM і на www.facebook.com/osce.rfom.